Падведзены вынікі, акрэслены перспектывы

Вы здесь

Облако тегов

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў работы народнагаспадарчага комплексу Нясвіжскага раёна за 2015 год. На яго сабраліся прадстаўнікі самых розных прафесій, спецыялісты і кіраўнікі прадпрыемстваў, духоўныя настаўнікі. Нягледзячы на шматлікія адрозненні ў спецыфіцы працы, усіх іх аб’яднала любоў да сваёй справы і людзей, дзеля якіх яны працуюць, адказнае стаўленне да даверанага ўчастка работы, а значыць, і да будучыні краіны ў цэлым.

Раздзяліць свята з жыхарамі Нясвіжчыны прыбылі пачэсныя госці — першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінаблвыканкама Уладзімір Гурыновіч, старшыня СВК “Агракамбінат Сноў”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Радаман, старшыня каардынацыйнага савета палітычнах партый і арганізацый Мінскай вобласці, першы сакратар абкама КПБ Марыя Худая, намеснік генеральнага дырэктара па кадравай рабоце ААТ “Мінскі трактарны завод” Андрэй Саслянкоў, Яго Прэасвяшчэнства епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення айцец Мікалай, благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка.

Па традыцыі, на свята прыбылі і дэлегацыі суседніх раёнаў — Клецкага, Стаўбцоўскага, Капыльскага, Уздзенскага Мінскай вобласці, Карэліцкага Гродзенскай і Ляхавіцкага Брэсцкай абласцей.

Відэафільм аб выніках работы ўсіх галін раёна за 2015 год, паказаны на пачатку свята, стаў для ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства цікавым наглядным аповедам аб дзейнасці народнагаспадарчага комплексу раёна, у якім многія ўбачылі не толькі сябе, але і сваіх калег, сяброў і знаёмых, па-новаму ад-крылі для сябе сваю малую радзіму.

Шмат цікавых фактаў было агучана ў прывітальным слове старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івана Крупко. Ён зрабіў ёмкі агляд галоўных падзей 2015 года, у які ўвайшлі і мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю раёна ў лютым, і ўзнагародж-ванне некалькіх працаўнікоў Нясвіжчыны дзяржаўнымі ўзнагародамі, і адкрыццё пасля рэканструкцыі Нясвіжскай аўта-станцыі, і юбілейнае, ХХ-е свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”, прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй, і выбары Прэзідэнта краіны, на якіх за кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі прагаласавала 88,45 % жыхароў Нясвіжчыны ад тых, што прынялі ўдзел у галасаванні, і многія другія незабыўныя падзеі. Кіраўнік раёна таксама нагадаў, што ў 2015 годзе ўпершыню быў сабраны ўраджай у 72,9 цэнтнера з гектара — самы высокі ў гісторыі Нясвіжчыны. Яшчэ адзін рэкорд паставілі жывёлаводы раёна — на адну карову было ўпершыню надоена 7224 кілаграмы малака.

Акрамя агляду дасягненняў мінулага года, старшыня райвыканкама Іван Крупко таксама акрэсліў перспектывы, сярод якіх — далейшая рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі і пашырэнні магутнасцей па вытворчасці цукру з давядзеннем перапрацоўкі сыравіны на Гара-дзейскім цукровым камбінаце да 12, а затым і да 14 тон у суткі. Да канца верасня бягучага года павін-на быць завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве экспартна-арыентаванага малакаперапрацоўчага прадпрыемства магутнасцю перапрацоўкі 500 тон малака ў суткі — Нясвіж-скага завода дзіцячага харчавання. Для арганізацыі вытворчасці на ім будзе створана 204 рабочыя месцы. Свае планы ёсць і ў развіцці сельскагаспадарчай, будаўнічай, сацыяльнай галіны, у стварэнні аптымальных умоў для дзейнасці малога і сярэдняга бізнесу.

Напрыканцы свайго выступлення кіраўнік раёна ў асобе тых, хто быў запрошаны на свята, па-дзякаваў усім працаўнікам Няс-віжчыны за дастойную і выніковую працу ў 2015 годзе, пажадаў усім добрага здароўя, шчасця, радасці і дабрабыту, каб 2016 год стаў годам добрых перамен, новых дасягненняў і перамог.

Віншавальную эстафету пераняў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч, які адрасаваў шмат самых цёплых слоў працаўнікам вёскі і высока ацаніў іх работу. Ён выканаў пачэсную місію ўручэння ўзнагарод свайго Міністэрства. Так, за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, важкі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Нясвіжскага раёна і Мінскай вобласці Ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь атрымалі загадчык МТФ ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Надзея Сукала, аператар па адкорме свіней СВК “Агракамбінат Сноў” Тамара Курыла, аператар па абслугоўванні дойнага статку ААТ “Новае жыццё” Сяргей Маляйковіч, загадчык МТФ ААТ “Лань-Нясвіж” Міхаіл Тронца, трактарыст-машыніст СВК “Агракамбінат Сноў” Уладзімір Кастоўскі, загадчык МТФ СВК “Гарадзея” Ірына Лобусь. Падзякі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь былі аб’яўлены аператару па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ “17 верасня” Алене Залескай, аператару па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы ААТ “Юшавічы” Надзеі Арсяновіч, аператару па адкорме свіней ААТ “Сейлавічы” Ганне Цвірко і загадчыку комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы СВК “Гарадзея” Дзмітрыю Аляшкевічу.